ВІ́ЦЕБСКІ ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ,
Віцебскі тэрэўсат, агітацыйна-прапагандысцкі тэатр мініяцюр у 1919—20. Створаны па ініцыятыве паэта-сатырыка «Вокнаў РОСТА» Віцебска М.Пустыніна. Кіраўнік М.Разумны. Спектаклі ставіў і рэж. А.Сумарокаў, афармляў мастак М.Шагал. У праграме — аднаактовыя агітп’есы, сатыр. сцэнкі на міжнар. тэмы, палітсатыры, пародыі, куплеты, частушкі, інсцэніраваныя плакаты «Вокнаў РОСТА» (т.зв. тантамарэскі, ці жывыя плакаты), дэкламацыі, танцы, харавыя выступленні, паказы Пятрушкі з жывымі акцёрамі-лялькамі. Тэатр выступаў пераважна на канцэртах-мітынгах для рабочых і чырвонаармейцаў. У 1920 асн. склад трупы пераведзены ў Маскву, дзе на яго аснове створаны Маскоўскі т-р рэв. сатыры.
т. 4, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)